СМОТРИТЕ ТАК ЖЕ




Правовой портал
-
Детский правовой сайт Мir.pravo.by
Телефон доверия для детей и подростков
Помощь людям в трудной жизненной ситуации
:: ::

ЛІСТАПАД

ЛІСТАПАД

12 лістапада - 105 гадоў з дня нараджэння Андрэя Макаёнка, драматурга, народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Я. Купалы, Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я.Коласа 

Нарадзіўся ў вёсцы Борхаў цяперашняга Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1938 г. ён скончыў Журавіцкую сярэднюю школу. Прадоўжыць жа вучобу пакуль не ўдавалася. У ваенным вучылішчы, куды быў залічаны, узбунтаваўся супраць існуючых парадкаў, і Андрэя "з мірам" адпусцілі. Ва Усесаюзны інстытут кінематаграфіі, куды паступаў на наступны год, не прайшоў па конкурсу.
У 1939 г. А. Макаёнак быў мабілізаваны ў армію. Вайсковую службу праходзіў у Грузіі, якая беларускага жыхара напачатку ўразіла і зачаравала сваёй прыгажосцю, экзатычнасцю прыроды. Але хутка выявілася, што адна справа любавацца высокімі, незвычайных абрысаў заснежанымі гарамі, будучы звычайным сузіральнікам, і зусім іншая — лазіць па іх з цяжкімі салдацкімі амуніцыямі, ды яшчэ і акопвацца на скалістым грунце.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны А. Макаёнак служыў у Іране, куды былі ўведзены савецкія войскі, у далёкай адлегласці ад баёу, ад фронту, У 1947 г. паступіў у Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ, якую праз два гады скончыў, і быў накіраваны на працу ў часопіс "Вожык". Як сам пісаў: "Стаў журналістам. Хочаш не хочаш — пачаў пісаць".
Пісаць Макаёнак пачаў яшчэ ў школе, але даваенныя творы не захаваліся. Сур'ёзна гэтай справай заняўся толькі маючы за плячамі немалы жыццёвы вопыт. Назапашаныя ўражанні і назіранні, роздум над падзеямі, знаёмства з многімі людзьмі абуджалі фантазію, штурхалі да творчасці. Узнікала настойлівая патрэба дзяліцца з чытачамі сваімі думкамі, сваім разуменнем рэчаіснасці. Першая п'еса "Дабра, калі дабра канчаецца" была апублікавана ў газеце "Чырвоная змена" ў 1946 годзе і адзначана дыпломам і прэміяй на рэспубліканскім конкурсе, заснаваным кіраваннем па справах мастацтва і культуры БССР.
Яшчэ да прыходу ў "Вожык" А. Макаёнак шмат увагі надаваў драматургіі. Стварыў шматактовыя п'есы: "Ворагі" (1947), "Выйгрыш", "Узыходы шчасця" (абедзве — у 1948). Ніводная з трох п'ес не была надрукавана ці пастаўлена, і не памятаецца, каб пазней калі-небудзь пра іх успамінаў аўтар. Апублікаваны яны толькі ўжо ў пасмяротным "Зборы твораў" і маюць цікавасць хіба што для біёграфаў драматурга, гісторыкаў літаратуры.
Адлік твораў А. Макаёнка, як і прыход яго ў драматургію, звычайна пачынаецца з п'есы "На досвітку", напісанай у нехарактэрным для аўтара жанры драмы. Яна пазначана 1951 г. "На досвітку" апублікаваў часопіс "Полымя", твор выйшаў і асобным выданнем. З'явіўся станоўчы водгук у друку. Перачытваючы цяпер драму і разумеючы яе схематызм і палітычную падкладку — найбольш крытычна пазней да гэтага ставіўся сам аўтар, — нельга не заўважыць і сапраўдныя пробліскі макаёнкаўскага таленту. А менавіта: адчуванне сцэнічнай дзейснасці, смак да вострага, колкага слова, пачуццё гумару, цяга да камедыйных і сатырычных фарбаў.
Наступны твор А. Макаёнка — сатырычная камедыя "Выбачайце, калі ласка!", датаваны 1953 г., — склаў цэлы этап у беларускай, ды і ва ўсёй тагачаснай савецкай драматургіі. Вострае пяро сатырыка запрацавала на ўсю моц.
"Выбачайце, калі ласка!" стала ў творчасці А. Макаёнка ці не самай сацыяльна вострай і па-грамадзянску смелай п'есай. У ёй няшчадна бічуюцца кар'ерызм, паказуха, прыпіскі — з'явы, не толькі шырока распаўсюджаныя ў савецкай рэчаіснасці, а і народжаныя дзяржаўнай сістэмай.
Прэм'ера "Выбачайце, калі ласка!" адбылася ў лістападзе 1954 г., а ў лютым наступнага года спектакль ігралі ў Маскве на Дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры. Ён прайшоў з вялікім поспехам, і п'еса, і пастаноўка атрымалі высокую ацэнку, у тым ліку і выдатных дзеячаў культуры. "Выбачайце, калі ласка!" загучала з падмосткаў на многіх мовах, дастаткова сказаць, што за межамі Беларусі п'есу ставіла рэкордная колькасць тэатраў — сто дваццаць пяць.
Пасля трыўмфу сатырычнай камедыі А. Макаёнак пакінуў журналістыку і цалкам прысвяціў сябе літаратурнай дзейнасці. Толькі ў 1966-1978 гадах ён згадзіўся на пасаду галоўнага рэдактара часопіса "Нёман", таму што яна дазваляла спрыяць папулярызацыі сучаснай беларускай літаратуры.
Неўзабаве з'явіліся наступныя творы аўтара: "Каб людзі не журыліся" (1957), "Лявоніха на арбіце" (1961), "Зацюканы апостал" (1969).
У канцы 1970 г. "Зацюканы апостал" паставіў Маскоўскі тэатр сатыры. Спектакль меў сенсацыйны поспех. Выстройваліся вялізныя чэргі па білеты, для многіх гледачоў было марай патрапіць на спектакль. У 1971 г., амаль праз два гады пасля напісання, адбылася прэм'ера ў Беларускім тэатры імя Янкі Купалы, затым у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа, іншых калектывах рэспублікі. "Зацюканага апостала" ўвасаблялі ва Украіне, Арменіі, Казахстане, Латвіі, шэрагу краін Заходняй Еўропы.
У трагікамедыі "Трыбунал", блізкай да традыцый народнай драмы, Андрэй Макаёнак спалучыў нізкае з узвышаным, фарсавае з трагедыйным. Упершыню ў беларускай драматургіі высокая героіка ўвасоблена ў камедыйным жанры. П'еса была ўхвалена і адзначана прэміяй на Рэспубліканскім конкурсе на лепшы драматычны твор, яе адразу ж уключыў у рэпертуар Беларускі тэатр імя Янкі Купалы. I пакуль там п'еса чакала сваёй чаргі, "Трыбунал" паставілі ў Літве (пад назвай "Высокі суд"), у Бабруйску — у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі. А далей — тэатральны ўзлёт трагікамедыі на купалаўскай сцэне, паспяховае яе шэсце па тэатральных калектывах былых саюзных рэспублік, у краінах замежжа.
У пошуках новых жанравых і структурна-кампазіцыйных форм А. Макаёнак прыйшоў да камедыі-рэпартажу "Таблетку пад язык" (паст. 1973), да складанай у жанравых адносінах камедыі "Кашмар" (паст. пад назвай "Святая прастата" ў 1976), якая падкупляе клопатам пра ўсталяванне разумных сацыяльна-палітычных узаемаадносін, гуманістычным пафасам.
За п'есы "Трыбунал" і "Таблетку пад язык" аўтар у 1974 г. быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Якуба Коласа.
Як драматург А. Макаёнак амаль заўсёды нечаканы. Яго п'есы розняцца не толькі па змесце, а і па самой форме. Нечаканым А. Макаёнак паўстаў у двух апошніх творах — у, па вызначэнні аўтара, сентыментальным фельетоне "Верачка" (паст. ў 1979) і ў фарсе, а па сутнасці вострай сатыры "Дыхайце эканомна!.." (апубл. 1983) у якой аб'ектам аўтарскага асэнсавання стала найважнейшая агульначалавечая праблема захавання Зямлі ад тэрмаядзернай катастрофы.
Акрамя п'ес А. Макаёнак пісаў сцэнарыі для фільмаў, а таксама займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. Аўтар кінааповесці "Твой хлеб" (1956), сцэнарыяў фільмаў "Шчасце трэба берагчы" (1958), "Кандрат Крапіва" (1961), "Рагаты бастыён" (1975), тэлефільма "Пасля кірмашу" (1973). Пераклаў п'есы "Дабракі" Л. Зорына, "Я, бабуся, Іліко і Іларыён" Н. Думбадзэ і Р. Лордкіпанідзэ, "Чацвёрты" К. Сіманава і інш.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знак Пашаны", Кастрычніцкай Рэвалюцыі і медалямі.
Народны пісьменнік БССР (1977).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за п'есу "Лявоніха на арбіце", Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1974) за п'есы "Трыбунал" і "Таблетку пад язык".
Імя А. Макаёнка носіць вуліца ў Мінску, Гродзенская цэнтральная гарадская бібліятэка і Журавіцкая СШ Рагачоўскага раёна, у якой створаны музей драматурга.
У Мінску на доме № 10 па Вайсковым завулку ў 1986 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка.


ЛІСТАПАД

26 лістапада - 95 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, пісьменніка, перакладчыка, крытыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа, Літаратурнай прэміі імя І. Мележа 

Нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў Оршы ў сям’ і рускамоўнага чыноўніка, дзе духоўная атмасфера спрыяла развіццю будучага пісьменніка. Пасля вайны вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага універсітэта (1949–1954). У 1954–1956 гг. ён быў настаўнікам у сельскай школе каля Кіева, з 1956 па 1958 гг. настаўнічаў у Оршы. У 1958–1960 гг. вучыўся на Вышэйшых літаратурных, а ў 1960–1962 гг. – сцэнарных курсах у Маскве. У 1955 г. у сёмым нумары часопіса «Полымя» з'явіўся верш «Машэка», а ў кнізе «Янка Купала. Зборнік матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта» змешчаны нарыс «Вязынка». У беларускіх перыядычных выданнях пачалі друкавацца яго вершы, якія заўважыла і высока ацаніла крытыка. У красавіку 1957 г. яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР, што значна актывізавала творчую дзейнасць. Паэтычныя зборнікі «Матчына душа» (1958) і «Вячэрнія ветразі» (1960) – першыя кнігі У. Караткевіча.
Багатая і разнастайная паэзія У. Караткевіча прасякнута любоўю да роднай зямлі і народа. У вершах ён імкнуўся аднавіць гераічныя і трагічныя старонкі гісторыі свайго народа, запісаць старыя паданні, пераліць на свае аркушы «казку мудрую, простую песню, кветку матчынай чыстай душы». Гістарычны аспект у творчасці У. Караткевіча з'яўляецца надзвычай істотным. Паэт імкнуўся зразумець месца свайго народа сярод іншых народаў свету. Моц і бяссмерце яго бачыў у дзейнасці Скарыны, Каліноўскага, Багдановіча і іншых гістарычных асоб. У 1969 г. выйшаў арыгінальны зборнік паэзіі «Мая Іліяда». Паэзія ўвесь час суправаджала талент Уладзіміра Сямёнавіча, жыла ў ім нават тады, калі ён пісаў далёкія ад яе празаічныя творы. Сабраныя разам неапублікаваныя вершы паэта склаліся ў яго пасмяротны зборнік «Быў. Ёсць. Буду» (1986) – паэтычны запавет наступным пакаленням, створаны трапяткой рукой майстра, поўны мудрых высноў жыцця.
Шырокае прызнанне як на Беларусі, так і далёка за яе межамі прынесла У. Караткевічу яго проза. У Маскве быў задуманы першы раман «Леаніды не вернуцца на Зямлю»(«Нельга забыць», надрукаваны ў 1962 г. у часопісе «Полымя»; літаратурная прэмія імя I. Мележа 1983 г.), які мае выразныя прыкметы сацыяльна-філасофскай, інтэлектуальнай і сацыяльна-псіхалагічнай прозы. Менавіта ў ім вуснамі галоўнага героя пісьменнік выказаў сваю творчую праграму: «...Мы напішам першую сапраўдную гісторыю беларускага мастацтва. Гэта цяжка. Нам давядзецца аб'ездзіць разам усю Беларусь, адшукваць тое, што забыта, вывучаць, біць у набат, калі штосьці занядбалі або бураць. Гэта будзе сумленная гісторыя. Яна не будзе забываць ні добрага, ні дрэннага... Ты прыкладзеш да гэтай кнігі веды, а я так выкладу яе, каб яна чыталася запоем, як легенда...». Выкананню гэтай праграмы ён і прысвяціў усё сваё жыццё.
У першы празаічны зборнік У. Караткевіча «Блакіт і золата дня» (1961) увайшлі гістарычныя аповесці «Сівая легенда» (паводле якой ён стварыў лібрэта да оперы Дз. Смольскага) і «Цыганскі кароль», якія засведчылі, што пісьменнік не проста выдатна ведае мінулае свайго народа, але і ўмее яго ўзнаўляць, «рэстаўрыраваць» у яркіх мастацкіх вобразах. Праграмным творам, пабудаваным на матэрыяле паўстання 1863 г., стаў раман «Каласы пад сярпом тваім» (1965), са старонак якога паўстае Беларусь 60-х гадоў XIX ст., разрэз тагачаснага грамадства знізу даверху. Аповесць «Зброя» (1964; надрукавана ў 1981 г.) сам аўтар лічыў не працягам рамана, а яго адгалінаваннем. Задачы, пастаўленыя мастаком у «Каласах...», часткова знайшлі вырашэнне ў драме «Кастусь Каліноўскі» (1963), дзе паказана само паўстанне. Сярод твораў гістарычнага плана вылучаецца раман і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966; аднайменны кінафільм, 1967) – шырокае палатно, «народная драма» з жыцця сярэдневяковай Беларусі, твор глыбока філасофскі. Да рамана тыпалагічна блізкая легенда «Ладдзя Роспачы» (1964; экранізавана ў 1968 г.) – твор своеасаблівы і арыгінальны, у якім услаўляецца асоба, вызваленая ад пут сярэднявечча.
У. Караткевіч карпатліва вывучаў гісторыю беларускага народа, знаёміўся з яго сучасным жыццём, імкнуўся пабачыць усё новыя і новыя мясціны. Амаль кожнае з падарожжаў (Далёкі Усход, Сярэдняя Азія, Урал, Грузія, Прыбалтыка, Польшча, Чэхаславакія і іншыя краіны) было пакладзена ў аснову літаратурнага твора. Так, пасля паездкі на Далёкі Усход, з'явілася аповесць «Чазенія»; палескія ўражанні сталі асновай для шэрага апавяданняў; жыццё ў Кіеве – для аўтабіяграфічнай аповесці «Лісце каштанаў» (увайшла ў зборнік «Вока тайфуна» (1974). Але часцей за ўсё шляхі вандраванняў вялі пісьменніка па беларускіх гарадах і вёсках, туды, дзе можна пачуць трапнае слова, яшчэ не чутую шырокім колам людзей песню... Знаёмства з запіснымі кніжкамі У. Караткевіча «У дарозе і дома» (надрукаваны ў трох першых нумарах «Полымя» за 1989 г.) дазваляе лепш зразумець, чаму з'явіліся «Казкі Янтарнай краіны», «Краіна Цыганія», «Мсціслаў», «Зямля пад белымі крыламі» (1977) – «візітная картка Беларусі».
3 пастаяннай і асаблівай прыхільнасцю У. Караткевіч адносіўся да жанру гістарычнага дэтэктыва. Сведчаннем творчых пошукаў пісьменніка, якія дазваляюць яму, з аднаго боку, пазбегнуць гатовых штампаў і, з другога, пісаць гісторыю Беларусі, з'яўляюцца такія гістарычна-прыгодніцкія творы, як аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964; аднайменны кінафільм, 1974 г.) і раман «Чорны замак Альшанскі» (1979–1980; Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа 1984; аднайменны кінафільм, 1984). Створаныя ў адпаведнасці з правіламі рамантычна-прыгодніцкай літаратуры, яны сталі адкрыццём у сучаснай беларускай літаратуры, у першую чаргу, яе дэтэктыўна-прыгодніцкім кірунку.
У 70-я гады да У. Караткевіча прыйшла слава драматурга. У 1974 г. на сцэне Беларускага тэатра імя Я. Коласа з поспехам была пастаўлена п'еса «Званы Віцебска» (рэж. В. Мазынскі), у якой аўтар звярнуўся да падзей Віцебскага паўстання 1623 г. У 1978 г. адбылася прэм'ера п'есы «Кастусь Каліноўскі». Да 100-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы была прымеркавана п'еса «Калыска чатырох чараўніц» (1981; пастаўлена ў 1982 г. ТЮГам). Падзеям Крычаўскага паўстання 1743–1744 гг. драматург прысвяціў трагедыю «Маці ўрагану» (1982; упершыню пастаўлена ў 1988 г. мінскім аматарскім тэатрам «Золак», рэж. Галіна Прыма; у 1990 г. п'еса экранізавана).
Вялікай стратай для беларускай літаратуры стала заўчасная смерць творцы 23 ліпеня 1984 г. «Беларусь даўно чакала такога пісьменніка. I радасна, што ён прыйшоў. I горка, балюча, што ён не змог, не паспеў разгарнуцца яшчэ больш глыбока і шчодра», – адзначыў Я. Брыль у сваім эсэ «Наш Караткевіч».
Прыкметны след пакінуў У. Караткевіч у публіцыстыцы і літаратурнай крытыцы. Ён аўтар шматлікіх нарысаў і эсэ. У яго творчай спадчыне захаваліся малюнкі і ілюстрацыі да ўласных твораў. На працягу ўсяго творчага шляху звяртаўся ён і да мастацкага перакладу. Аўтар сцэнарыяў дакументальных і мастацкіх фільмаў. Творы пісьменніка перакладзены на шматлікія мовы народаў свету. Сведчаннем грамадскага прызнання У. Караткевіча стала ўзнагароджанне яго ў 1980 г. ордэнам Дружбы народаў. Яго імем названы Фонд дапамогі маладым пісьменнікам, прэмія выдавецтва «Мастацкая літаратура». У Оршы і Віцебску У. Караткевічу пастаўлены помнікі.

 

 



Соседние подразделы:
СТУДЗЕНЬ
Люты
САКАВІК
КРАСАВІК
МАЙ
ЧЭРВЕНЬ
ЛІПЕНЬ
ЖНІВЕНЬ
ВЕРАСЕНЬ

Количество просмотров: Счетчик посещений Counter.CO.KZ - бесплатный счетчик на любой вкус!
Государственная символика

N17471

ЗНАМЕНИТЫЙ ЗЕМЛЯК

N17472

ШЧОДРАЕ СЭРЦА МІХАСЯ ЛЫНЬКОВА
Базы данных




On-Line проект
Сводный Электронный Каталог



-
МЫ В СОЦСЕТЯХ
    
Витебские Вести
МЧС информирует
РЕГИСТРАЦИЯ
Портал рейтинговой оценки
Наш адрес в сети

N5204