Пысін Аляксей, нарадзіўся 22.03.1920 г. у вёсцы Высокі Борак Краснапольскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям’і.
У 1938 г. паступіў у Камуністычны інстытут журналістыкі імя С.М.Кірава ў Мінску. З другога курса быў накіраваны на працу ў рэдакцыю Бельскай раённай газеты на Беласточчыну. У 1941-1945 гг. — у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах. Быў двойчы паранены. З 1946 г. працаваў у раённым друку, у абласной газеце «Магілёўская праўда». Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры СП СССР у Маскве (1958). У 1974-1981 гг. — сакратар Магілеўскага абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1950 г.
Узнагароджаны медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1980).
Памёр 27.08.1981 г.
Першы верш апублікаваў у 1938 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар кніжак паэзіі «Наш дзень» (1951), «Сіні ранак» (1959), «Сонечная паводка» (1962), «Мае мерыдыяны» (1965), «Твае далоні» (1967), «Пойма» (выбранае, 1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Вершы» (1976), «Ёсць на свеце мой алень» (1978), «Палёт» (1982), «Яшчэ не скончана дарога» (1983). У 1980 і ў 1989 гг. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах. Для дзяцей выдаў зборнікі вершаў «Матылёчкі-матылі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964), «Кавылёк» (1966), паэму «Дзяўчынка Марыям» (1970), кнігі вершаў і паэм «Колькі сонцаў!» (1979), «Аляксей, Дзяніс, Алёнка» (1984). Напісаў кнігу пра народныя песні і іх выканаўцаў «Бярозка ля кожных варот» (1972). Пераклаў на беларускую мову «Маабіцкі сшытак» М.Джаліля (з С.Гаўрусёвым, 1975), зборнік вершаў М.Ханінава «Жураўлі над стэпам» (1977).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1968) за кнігу вершаў «Твае далоні».